Беларуская Служба

Ці беларусы маглі б служыць у польскай арміі? Большасць палякаў не згаджаюцца на замежнікаў у войску

29.04.2024 15:20
Іншыя краіны НАТА адчыняюць дзверы сваіх армій перад замежнікамі.
 .
Ілюстрацыйны здымак.Фота: Red_Baron / Shutterstock.com

Выданне Rzeczpospolita заказала ў цэнтра IBRiS (Інстытут рынкавага і сацыяльнага даследавання - Instytut Badań Rynkowych i Społecznych) апытанне, ці замежнікі могуць служыць у польскім войску.

IBRiS задаў пытанне, ці варта дазволіць служыць іншаземцам у арміі, а ўзамен за гэта спрасціць працэдуры атрымання польскага грамадзянства. Такія рашэнні ўсё часцей выбіраюць узброеныя сілы іншых краін НАТА. Таксама ва Узброеных сілах Украіны служаць замежнікі, у тым ліку беларусы, расіяне, палякі, брытанцы.

З адказаў рэспандэнтаў вынікае, што такое рашэнне падтрымліваюць толькі 27,4%. 59,3% апытаных супраць, 13,3% не маюць свайго меркавання на гэты конт. Сярод тых, хто выступае супраць дапушчэння да службы іншаземцаў, галоўным чынам прыхільнікі апазіцыі, гэта значыць, партыі правацэнтрысцкага напрамку «Права і справядлівасць». Гэта часцей мужчыны, жыхары малых населеных пунктаў.

Скажам, служба ў ЗША дазваляе паскорыць атрыманне грамадзянства. У амерыканскім войску служыць шмат палякаў, у тым ліку сын міністра замежных спраў Польшчы Радаслава Сікорскага. У сваю чаргу, Фінляндыя ўвяла службу для сваіх грамадзян, якія жывуць за мяжой. Германія вуснамі міністра абароны Барыса Пісторыўса заявіла, што неўзабаве будзе агучана прапанова вяртання да прызыву. Міністр заявіў, што ён з'яўляецца прыхільнікам допуску ў армію асоб без нямецкага грамадзянства. Яны такім чынам маглі б хутчэй атрымаць пашпарт дзяржавы, а войска вырашыла б кадравыя праблемы.

Польская армія таксама адчувае дэфіцыт кадраў. Эксперты кажуць, што дэмаграфічныя праблемы не дазволяць збудаваць вялікую і моцную армію. Паводле планаў, яна павінна налічваць мінімум 300 тысяч салдат.

нг